ПАНТАТЭ́НАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін B3,

прадукт злучэння β-аланіну з пантоевай к-той. Водарастваральная. У клетках жывёл і раслін уваходзіць у састаў каферменту A, які прымае ўдзел у найважн. рэакцыях абмену рэчываў. Сінтэзуецца зялёнымі раслінамі, мікраарганізмамі, у т. л. кішэчнай мікрафлорай. Недахоп П.к. ў арганізме выклікае запаволенне росту, пашкоджанне скуры, пасівенне валасоў, парушэнне дзейнасці нерв. сістэмы і страўнікава-кішачнага тракту. У чалавека сутачная патрэбнасць у П.к. (10 мг) задавальняецца пры харчаванні (П.к. ёсць у дражджах, капусце, малацэ, моркве, печані, яйках і інш.). Кальцыевую соль П.к. выкарыстоўваюць у медыцыне пры парушэннях абменных працэсаў, недастатковасці кровазвароту, алергічных станах і інш.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)